Распечатано: 14.12.2019 19:12:29
http://en.ygallery.by/news/0003663/

Адкрыццё дакументальнай выстаўкі і прэзентацыя кнігі Яцэка Паўловіча «Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 – 1948»June 19, 2011 | Belarus

«Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 – 1948»

29.06. – 24.07.2011

17.00

29 чэрвеня 2011 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё дакументальнай выстаўкі і прэзентацыя кнігі Яцэка Паўловіча «Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 – 1948». Імпрэза арганізавана Польскім Інстытутам у Мінску.

Вітольд Пілецкі належыў да шляхецкага роду герба Ляліва, малой радзімай якога была Навагрудчына. За ўдзел дзеда Вітольда Пілецкага у паўстанні 1863 г. царскія ўлады канфіскавалі амаль усе землі, якія належылі сям’і. Пілецкія былі вымушаны з’ехаць углыб Расіі, у Карэлію. Але далейшы лёс Пілецкага быў цесна звязаны з родным краем: вучыўся ў Вільні ў камерцыйнай вучэльні, пэўны час жыў на Лідчыне, у 1920 годзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Беларусі.

У жніўні 1939 г. ён паўторна быў мабілізаваны. Змагаўся супраць немцаў у верасні 1939 года, пасля чаго стаў адным са стваральнікаў падпольнай арганізацыі Сакрэтная Польская Армія.

У верасні 1940 г., у час вулічнай аблавы немцаў, ён добраахвотна здаўся ў палон з мэтай апынуцца ў лагеры Асвенцым, дзе ім было арганізавана польскае падполле. У канцы 1943 года Пілецкаму ўдалося уцячы з лагера з двума паплечнікамі. Потым працяг вайны, канспірацыя, Армія Краёва, Варшаўскае паўстанне, разведка, арышт, следства, расстрэл...

Вітольд Пілецкі – постаць легендарная. Ён быў прадстаўніком пакалення, якое марыла пра свабоду і незалежнасць роднай зямлі, мужна змагалася і аддавала сваё жыццё за радзіму, пакалення, выхаванага на традыцыях народных паўстанняў ХІХ ст., сфарміраванага пад заклікам “Бог – Гонар – Бацькаўшчына”.

У імпрэзе прымуць удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шэрэпка, а таксама прадстаўнікі Інстытута нацыянальнай памяці Яцэк Паўловіч і Войцех Мушынскі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

Польскі Інстытут у Мінску г. Мінск, вул. Валадарскага, 6 тэл. 200 95 81, 200 63 78

Выстаўка працуе з 11.00 да 19.00, выхадны – панядзелак

тэл. для даведак 227 43 22, 227 00 05